Литмир - Электронная Библиотека
A
A

– Гэй, Юрась, сядай! Падвязу! – са звонкай хрыпатой, гучна прамовіў кіроўца Арцём Ліс, імкнучыся перакрычаць голас сваёй машыны.

Сівы на галаву, чарнабароды, блакітнавокі Арцём Ліс, у гэтую сераду вяртаўся дадому стомленым. Хоць яго, старога, пакалаціла ў дарозе, ён не шкадаваў пра гэта. У яго вёсцы не было крамы, бліжэйшая гандлёвая кропка знаходзілася ў сямнаццаці кіламетрах ад Борак. Чакаць, калі ў вёску прыбудзе аўтакрама, Арцём Ліс ужо не мог, моцна прыціснула яго алкагольная залежнасць. Хоць прадуктовая машына з'явіцца ўжо заўтра, унутры Арцёма гарэла моцная смага. З самага ранку ён вельмі пакутаваў, бо ў хаце не было выпіўкі. Некалькі гадзін таму ён адчуваў сябе на абрыве, незадаволеным і ненаедным. Таму ён ірвануў на трактары ў доўгі шлях. І цяпер, хай і стомлены, але з прыемным трапятаннем у душы, стары мужчына вяртаўся дадому з двума бутэлькамі гарэлкі. Ліс пакуль трымаўся, не піў, быў верны свайму новаму галоўнаму правілу – заўсёды быць цвярозым за рагамі свайго мотаблока. У яго памяці быў свежы момант, калі ён п'яным заехаў у канаву, перавярнуўся і ледзь было не патануў у ёй. Ён не хацеў паўтараць гэты трук зноўку, таму, калі трактар прывязе яго ў вёску, нягледзячы на пагрозы жонкі, Арцём з радасцю заглушыць свой алкагольны голад удалечыні ад тэхнікі.

Раніцай, да задумы адправіцца ў Майсееўскую краму за "беленькай", Арцём Ліс наведаў сябра. Пятро Жук старанна абшукаў усе куты, але не знайшоў нічога ў бутэльках. Пуста. Тара збіралася ў асобным пакоі да лета і чакала, калі яе адвязуць у прыёмны пункт. У Пятра хованак не было. Жонка Арцёма змагалася з залежнасцю мужа да алкаголю і старалася ўгледзець за ім. Але як тут прасачыць, калі трэба займацца сваімі дамашнімі справамі. Караліна Ліс трымала пенсію мужа пры сабе і па магчымасці сачыла, чым быў заняты муж, замыкала гараж, калі сыходзіла далёка або з'язджала ў горад. Але ў гэты раз Арцём Ліс збудаваў хуткі і хітры план, мэтай якога было наведванне крамы. Ён паводзіў сябе як звычайна, хадзіў у хаце і шастаў па двары, не набліжаючыся да мотаблока. Арцём адшукваў шчыліны і, калі падгарнулася магчымасць, ён схадзіў да Пятра, але потым, расчараваны, вярнуўся і лёг на канапу перад тэлевізарам. Караліна прыбрала ў пакоях, затым папярэдзіла мужа, што ненадоўга адыдзе да сяброўкі, і выйшла з хаты. У Арцёма з'явіўся шанец не патрапіць на вочы жонцы, і ён, не раздумваючы, ім скарыстаўся. Арцём Ліс узяў свае схаваныя, назапашаныя грошы і паспяшыў да мэты. Мужчына з агнём у вачах выбіў мантыроўкай замок і расчыніў вароты гаража, выехаў на трактары з двара праз заднія вароты, да лесу. Уздоўж лесу, праехаўшы за дварамі і па палях, ён аб'ехаў вёску, і выехаў на жвіровую дарогу каля дома Лютага. А далей, Ліс з спакоем дабраўся да крамы.

У свае шэсцьдзесят два гады Арцём умела і без ніякага высілку кіраваў невялікім трактарам. Ён здалёк пазнаў постаць Юрыя Лютага па яго павольнай і асцярожнай паходцы – па такой разбітай дарозе з пратэзам спрытна не паходзіш!

Арцём Ліс пад'ехаў да аднавяскоўца, пакруціўся на мяккім сядзенні, якое было абцягнута чорным дэрмацінам, і павярнуўся да чалавека. Ён зрабіў апошнюю зацяжку, дасмаліў цыгарэту. Кіроўца быў апрануты ў аранжава-сіні плашч, які яму выдалі яшчэ падчас працы на чыгунцы. Пасля вайны, ён да пенсіі рабіў чыгуначнікам на станцыі недалёка ад вёскі. Арцём Ліс выпусціў цыгарэтны дым і строга зірнуў на Юрыя Лютага.

– Чуеш? Сядай! – крыкнуў Ліс, – Ну! Сядай, падкіну! – пачухаў ён кончык свайго вострага счырванелага носа.

Юрый Люты паглядзеў на Арцёма з-пад капюшона, які хаваў чорна-сівыя валасы і шырокі лоб.

– А, гэта ты?! – неяк не па-сапраўднаму, млявым голасам, здзіўлена вымавіў Люты і працягнуў руку.

Арцём Ліс прыняў поціск рукі, а затым кіслым няголеным тварам кіўнуў у бок прычэпа. Яго вялікія, як два пальцы, вусны, выкінулі цыгарэту ў бок. Нават пад дробным дажджом яны выглядалі сухімі. Невялікім рухам круглявай галавы Ліс паказваў земляку, каб той хутчэй пералез праз невысокі борт і сеў у прычэп. Кіроўцу хацелася выпіць, ды хутчэй, а марудлівасць Юрыя Лютага толькі раздражняла. Таму, у гэты момант Арцём нават незнарок падумаў: "Можа быць, лепш было б не спыняцца! Ды і што ўзяць з гэтага Юрася? З ім ні выпіць, ні закусіць! Непітушчым стаў, ох ужо гэты цвярознік!"

За гэты час, пакуль сівы Ліс незадаволена думаў і круціў галавой, Юрый Люты ўпёрся пратэзам у дарогу, перакінуў здаровую нагу праз невысокі борт і, дапамагаючы сабе рукой, забраўся на невялікі прычэп. Як толькі пасажыр сеў на лаву, у выглядзе гарызантальнай дошкі, якая ляжала і мацавалася за борты, кіроўца імгненна ўключыў перадачу і даў газу. З-за раптоўнага руху Лютага трохі пахіснула і павяло ў бок. Ён тут жа левай рукой моцна схапіўся за халодны борт прычэпа, а правай рукой, у якой быў пакет, упёрся ў сырую драўняную дошку. Юрый выраўнаваў спіну і хутка прыбраў пакет ад дажджу пад плашч. Ён не чакаў, што Арцём Ліс папярэдзіць яго, але спадзяваўся на больш мяккі старт. Люты глядзеў на дарогу, якая паўзла ад яго як змяя, затым павярнуў галаву на лазовыя кусты, якія хавалі старую канаву, а пасля, глядзеў, як хмурна плыло шэрае неба.

Арцём Ліс не збаўляў хуткасці, ледзь аб'язджаў лужыны. Пасажыр адчуваў, як хутка рухаўся трактар, адчуваў раздражненне кіроўцы. У восеньскай шэрасці ён пашкадаваў, што пагадзіўся сесці ў прычэп. Юрыю не перашкаджала ні халоднае паветра, ні трасяніна ад мноства дробных ям. Яго трывожыла толькі адно – незадаволены твар Арцёма, які ён бачыў пры сустрэчы. Усю дарогу двое ехалі моўчкі. І каб адцягнуцца і не ўспамінаць зморшчаны погляд Арцёма, Юрый Люты стаў любавацца восеньскай прыродай, апускаючыся ў прыемныя летуценні. Ён любіў такім чынам адагнаць ад сябе горкія думкі. А вось Арцём Ліс, у гэты ж час, думаў толькі пра сваё – як бы хутчэй дабрацца да вёскі і выпіць "горкай". Ён не задумваўся пра тое, як і дзе прыпаркаваць трактар, як не трапіць на вочы жонцы. Гэта ўжо потым, у нецвярозым стане, ён зможа пайсці здавацца жонцы, ні пра што не шкадуючы. Арцём часта тлумачыў сваёй жонцы Караліне прычыну свайго п'янства. Ён казаў, што п'е толькі дзеля таго, каб забыцца пра вайну, змякчыць свае пакуты і ўспаміны, і моцна заснуць. А яго строгая жонка ў адказ толькі пускала гарачую лаянку, але калі яна супакойвалася да раніцы, дык прыводзіла ў прыклад мужу Юрыя Лютага: чалавека, які, у адрозненне ад Арцёма, быў на сапраўдным фронце, страціў нагу на вайне, але ўсё ж змог кінуць піць і перастаць старанна заліваць алкаголем сваё не лепшае мінулае. Таму, пры сустрэчы Юрыя, у Арцёма злёгку калола ў грудзях, нібы захрасала скабка пад скурай і ніяк яе не выцягнуць. І што б там Арцём ні казаў сваёй жонцы аб сціхаючым болю пры прыёме спіртных напояў, выходзіла ў яго заўсёды наадварот. Ліс напіваўся і заводзіўся, як матор. Ён не змаўкаў і балбатаў аб былых жыццёвых цяжкасцях. У п'яным стане ён насіўся па сваім двары, як нязграбны і ўкормлены кабан, які ўцёк з хлява. Мужчына не распускаў рукі, а толькі славесна абвінавачваў іншых людзей ва ўсім, што не падабалася яму. Арцём Ліс супакойваўся толькі тады, калі празмерна напіваўся ці, калі злёгку працверазее. Былі дні, калі ён не піў, часцей у будні, і асабліва ў першую палову дня. У гэтыя дні ён паводзіў сябе ледзь цішэй і ласкавей, выбіраў словы. Па натуры сваёй Арцём быў гаваркім і назойлівым старым, і ў цвярозыя дні ён шукаў заспакаення ў зносінах, і ў той жа час, шукаў бутэлечку на вечар, прасіў грошай у доўг.

Праз кіламетры, пасля доўгай паездкі, трактар прыбыў у вёску. Кіроўца адразу ж з'ехаў з адзінай вясковай вуліцы і неахвотна пад'ехаў да першага цаглянага дома. Арцём спыніўся ля зялёных металічных веснічак, каля двара Лютага. Ён дастаў цыгарэту, закурыў і стаў назіраць, як пасажыр павольна пакідаў прычэп. Пасля паездкі, Юрый стомлена і акуратна спускаўся на мокрую зялёна-жоўтую траву. Галава крыху загудзела ад гучнай работы мотаблока і ад дарожнай трасяніны. Юрый Люты стаў перад кіроўцам, ледзь адцягнуў капюшон плашча назад, больш адкрыў свой спакойны твар і трохі паказаў кароткія цёмна-русыя валасы з сівізной, якія тырчалі з-пад тонкай сіняй шапкі. Падзьмуў лёгкі ветрык з імжакай і Юрый адчуў усю прахалоду восеньскага вечара. Галаўны шум прыціх, цела злёгку аздаравілася. Юрый трымаў сіні пакет, з якога тырчалі мастацкія тонкія пэндзлі, ён дастаў з кішэні ўсю дробязь, якая засталася пасля горада і працягнуў усе манеты Арцёму без усмешкі.

3
{"b":"891215","o":1}