Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Юрый Люты павярнуўся набок, выпіў таблеткі і бліжэй да ночы заснуў. Пад дзеяннем лек ён перастаў думаць пра ўрачоў, пра жонку, пра ўсё на свеце. Думкі і ўспаміны хутка згасалі пад уплывам стомленага розуму, а цяжкія павекі закрывалі вочы. Мужчына пагрузіўся ў моцны сон і спакой. Побач ціха драмаў рыжы кот.

2

У календары застаўся апошні тыдзень кастрычніка. З самай раніцы з’явілася халоднае белае сонца. На цёмных голых галінках і жоўтай лістоце віселі празрыстыя кроплі ўчорашняга дажджу. У поўным маўчанні рухаліся хмары. У нізінах тонкім пластом лунаў густы туман, а жоўтая трава яшчэ больш прыпала да сырой зямлі. Рэдкае чырыканне аселых птушак стала бедным і нязвыклым. Шэрая хвалістая вуліца быццам яшчэ спала, хоць у старых хатах ужо тапталіся людзі. Ціха, па-асенняму змрочна было ў вёсцы.

На світанні Юрый Люты ўжо хадзіў па дому. Пасля моцнага і здаровага сну, падмацаваўшыся сняданкам, ён збіраў сябе на шпацыр. Яго твар яшчэ выглядаў сонным і стомленым, але ў целе адчувалася бадзёрасць, а думкі прагнулі новых прыгод. Мужчына больш не хацеў проста ляжаць, а хацеў хадзіць і дзейнічаць. Раптоўнае натхненне падказала яму заняцца любімай справай. Ён цёпла апрануўся, на плячо павесіў чорную сумку, у якой ляжаў фотаапарат, і выйшаў на двор. Фота-відэапрылада, на якую ён збіраў больш за год, цяпер магла зафіксаваць усё тое, што чалавечая памяць не змагла б з выразнасцю запомніць, усё тое, што хутка знікала перад вачамі. Яму не прыйдзецца стаяць з мальбертам у холад, у дождж – у непагоду ён мог пісаць карціны дома, з фатаграфіі. Юрый браў нейкую частку здымка і пераносіў яе на палатно, змешваючы са сваімі ідэямі, ствараючы такім чынам новую ілюстрацыю.

Юрый Люты выйшаў на двор разам з катом. Паветра было свежае і прахалоднае. Яно абуджала сілы і дух у чалавечым целе. Перш за ўсё Юрый выпусціў сваіх дамашніх птушак з зачыненага памяшкання, пакарміў іх. Рыжы кот ішоў за гаспадаром. Юрый выйшаў за веснічкі, гадаванец рушыў услед за ім. Аднак, калі Юрый ступіў на дарогу, Рыжык адразу ж сеў ля абочыны і паглядзеў на гаспадара так, быццам прасіў яго не сыходзіць. Мужчына падышоў, пагладзіў жывёлу і, ціха і нетаропка, накіраваўся да ракі праз усю вёску.

Жвіровая дарога павяла Юрыя ўздоўж палёў, дзе да вайны па краях вуліцы стаялі прыгожыя жывыя хаты. Затым дарога правяла Юрыя праз хмызнякі і трохі павярнула ў бок, прывяла да ўчастку Дзмітрыя Янчанкі. Юрый Люты, заўважыўшы ў двары невялікую постаць Дзмітрыя, прыпыніўся ля плота. На час ён адклаў свай шпацыр да ракі, бо захацеў пагаварыць з сябрам.

Разам з усходам сонца загудзеў легкавы аўтамабіль Дзмітрыя Янчанкі. Мужчына ў чыстай зялёнай робе і чорнай шапцы бадзёра хадзіў па двары, бегла аглядаў машыну, шукаў драпіны на чорнай фарбе. Дзмітрый па сваёй прыродзе быў спакойным і стрыманым чалавекам. Часам ён быў занадта ўпартым. Кожны будні дзень, а бывала і ў выхадны, ён адпраўляўся ў пасёлак Санцычы, дзе працаваў кіроўцам грузавой машыны ў час збожжаўборачнай пары, а цяпер, калі глеба яшчэ заставалася мяккай, працаваў на трактары, апрацоўваючы палі і падрыхтоўваючы іх да пасеву азімых культур.

Янчанка адышоў ад аўтамабіля і незадаволена зірнуў на жорсткае святло світанка, якое прабівалася скрозь падлеткавыя хвоі. Затым ён хутка адвёў погляд і голымі пальцамі ўзяўся за вароты. Далоні адчулі холад, а ўсё нутро адчула, як памянялася надвор'е. Дзмітрый прадставіў, як зусім хутка адужэе вільготны паўночны вецер, а за ім замест дажджу пойдзе снег. Сёння было холадна і мокра. Дні станавіліся карацей. Янчанку не падабалася гэтая змена адыходзячай восені, бо з прыходам снежна-дажджлівых перападаў атрымлівалася мала працоўных спраў, як на рабоце, так і дома. Ён любіў чымсьці заняць сябе. Дзень сядзець і глядзець тэлевізар – гэта не пра яго. Ён заўсёды шукаў сабе працу, нейкі фізічны занятак. Нават зімой, у завіруху, Дзмітрыю не ляжалася на канапе. Рукі свярбелі ад гультайства, і ён заходзіў у гараж або хадзіў па двары ў пошуках працы. Калі дома рабіць не было чаго, у мужчыне абуджалася жаданне дапамагчы самай пажылой жыхарцы вёскі, Валянціне Пруцік. Ён чысціў ад снегу заезд да яе двара, а то і дроў у хату мог занесці. Нават яго жонка Галіна не магла прыпыніць яго працавітасць хоць на пару дзён. Няўседлівы муж праводзіў з ёй толькі паўдня, а потым сыходзіў па сваіх справах. А калі дні станавіліся даўжэй, Дзмітрый не пераставаў шукаць сябе ў іншых. У прыклад, часцей заходзіў у госці да Юрыя не толькі пагаварыць, але і адшукаць у яго працы, дапамагчы інваліду з якой-небудзь цяжкай працай. Вось, мінулым летам, Дзмітрый лазіў на дах Лютага, дапамагаў яму мяняць ліст шыферу. А гэтым летам скошваў траву не толькі ў сябе ў двары, але і падстрыгаў двары іншых. І як бы не раздражняла Галіну валанцёрства мужа і яго адсутнасць дома, яна ніяк не магла змяніць яго празмерную цягу да працы. Толькі ў маладосці, да нараджэння першага дзіцяці, яны шмат праводзілі разам часу: падарожнічалі за мяжу, ездзілі ў розныя гарады на святы да сяброў.

Юрый Люты падышоў да варотаў і першым загаварыў:

– Добрай раніцы!

– Вітаю, Юрась! – адказаў Дзмітрый Янчанка, – А ты куды ў такую рань?

– Да ракі. Трэба нешта сфатаграфаваць. Зараз, у такі час, калі раніцай усё прачынаецца, можна адшукаць прыгожае. Я не павінен гэта прапусціць…

Дзмітрый толькі ўсміхнуўся і паспешліва расчыніў драўляныя цёмныя вароты. А Юрый ціха дадаў:

– Рака зараз спакойная, змрочная…

– Там, уздоўж ракі, вады шмат. Не патані ў балотах! – казаў Янчанка, адыходзячы да машыны, – Табе б з правага боку зайсці, з кургана, дзе вузка. Ну, трэба будзе на тое месца ў сезон на рыбалку як-небудзь з'ездзіць!

Дзмітрый Янчанка сеў у машыну, выехаў з двара і спыніўся ля дарогі. Ён не глушыў рухавік чорнага красовера, хутка выйшаў з аўтамабіля і паправіў шапку, якая хавала яго залысіну. Мужчына цяпер чакаў жонку, якую трэба было па дарозе падвезці да аўтобуснага прыпынку. Галіна заўсёды збіралася ў дарогу павольна, быццам не заўважала часу. Ёй было ўсё роўна: яны збіраюцца да дзяцей у госці, ці ў лес за грыбамі, ці проста ў гарадскую краму за пакупкамі – муж заўсёды доўга стаяў ля аўтамабіля і пазіраў на гадзіннік. Часам рабілася так, што з-за сваёй марудлівасці Галіна спазнялася на аўтобус, і Дзмітрыю даводзілася везці каханую да наступнага прыпынку або да самага горада, да самай работы. У такія моманты ён прыязджаў на сваю работу не своечасова і атрымліваў вымову. Нягледзячы на тое, што слабахарактарны муж быў трохі злы на Галіну, ён усё ж не крычаў на яе. З крыўдай у мяккім голасе ён казаў ёй, што ў наступны раз яна пойдзе на работу пешшу. Але Галіна ўспрымала яго крыўдлівыя словы як пустое, як раздражненне пачуццяў, не надаючы ім вялікага значэння.

З замужжа і да пачатку вайны Галіна Янчанка працавала паштальёнам у родным пасёлку. А пасля вайны, калі ад пасёлка амаль нічога не засталося, яна ўладкавалася працаваць у гарадское паштовае аддзяленне. Аднак, нягледзячы на гэта, яна не змагла адпусціць родных аднавяскоўцаў ад сябе. У зімовы час Галіна ўсё часцей брала на сябе нескладаную працу, каб паштовы аўтамабіль не заязджаў у Боркі. Яна сама прывозіла ў вёску лісты і газеты. Любіла прайсціся па хатах і пагутарыць з людзьмі. Але ўжо праз месяц яе адправяць на пенсію, што стане вялікім палягчэннем для яе мужа, які не любіў чакаць яе ў раніцу, якому надакучвалі яе спазненні. Ён дагэтуль не прывык да яе работы ў горадзе. Аднак пухлая і невысокая жанчына Галіна перажывала. Яна баялася пенсіі, баялася сыходзіць з работы. Жанчына з вялікай цяжкасцю адлічвала апошнія працоўныя дні.

Дзмітрый Янчанка зачыніў вароты, стаў ля пярэдніх колаў аўтамабіля і з незадаволеным выглядам пазіраў: то на наручны гадзіннік, то на карычневыя дзверы свайго цаглянага дома, то на апошняе лісце саду, то на Юрыя Лютага, які казаў пра розныя дробязі. У гэтыя хвіліны Дзмітрыю было не да размоў. Ён адказваў коратка і ціха, згаджаўся з усім, што чуў. Усё з-за таго, што ў яго галаве зарадзілася невясёлая думка, якая прымушала задацца пытаннем: няўжо Галіна зусім забылася пра яго, няўжо яму прыйдзецца вярнуцца ў дом, каб падагнаць жонку, злавацца і злаваць яе?

7
{"b":"891215","o":1}